PL

Спогады кс. Пятра пра перабыванне ў Дамачава

 (архіўныя матэрыялы)

"мова аўтарская, транскрыбіраваная з лацінскіх літараў"

 

Падчас працы ў Баранавічах кс. Пятра абвінавацілі ў занадта вялікай беларускасці.

"Кс. Біскуп З. Лазінскі прызнаў маю нявіннасць, бо бачыў як да мае беларускасці ліпла навет праваслаўная моладзь і грамадзтва, аднак для святога супакою парадзіў мне уступіць і паслаў на глухую мазурскую вёску /1926 г./. Пасля году зноў аднак вярнуў мяне на тэрыторыю Беларусі, павяраючы мне, 6 месяцаў ужо вакуючае прабоства, Дамачэва, Брэскага дэканату, убогае і надта труднае да адміністравання, адкуль парафіяне чынна выгналі майго папярэдніка (У прыпадку злосьці ostendit eis tergam suum. Inde ira!). За ласкай Божай і сапраўды цудоўнай помаччу св. Антоніяга, патрона гэтай парафіі, удалося за 5 год (1927-32) цяжкое, падкапаўшае маё здароўе, працы змяніць маіх каханых "разбойнікаў" у дзейных і ахвярных каталікоў, на якіх з зайздросным подзівам пазіралі пасля суседнія амбітныя пратэстанты і зрадыкалізаваныя схізматыкі. Аднавіўшы касцёл (тры новыя аўтары) і плебанію, мы, сціплая меншына вызнанёвая патрапілі сканцэнтраваць ля касцёла культурнае жыццё тае мясціны, выконваючы будову прыгожага Каталіцкага Дому Людовага, які развязаў тамашнія фатальныя труднасці локалёвыя. Калі пасля двух гадоў гэты дом згарэў, на ягоным месцы хутка вырас другі, ўдвая большы і прыгажэйшы і мястэчка magna cum pompa магло прыймаць у ім візітуючага тады правінцыю дзяржаўнага Прэзідэнта, а пасля Кс. Бп. З. Лазінскага.

Ад працы мае ў Дамачэве біскуп часта адрываў мяне для нясення помачы місыйнай на тых пляцоўках унійных, дзе нізкі аўтарытэт і спрыт парохаў неафітаў ня мог даць рады. Такім чынам, напрыклад, пастаўлена была на ногі ідэйна і матэрыяльна парафія Далятыцкая ў Наваградчыне. Са складак, з лотэрыяў, з пазычак ад мяне парафіі лацінскае, аднавілі царкву і бэнэфіцыят, наставілі ідэйна моладзь (чатырох студыявала ў Лілле тэологію). Абразок тамтэйшае працы дае унійная часопісь "Да злучэньня" N 192..?, якой я быў сталым супрацоўнікам. Наогул, роўнабежна з працай душпастырскай я ў меру маіх здольнасцяў і магчымасцяў вёў працу публіцыстычна-прапагандовую уніі і літэратурную, стала працуючы ў Беларускім Каталіцкім Выдавецтве, "Хрысціянаскай Думцы" ды іншых. Ня ўсе мае, нажаль, працы выйшлі ў друку.

Але найбольшаю ласкай Божай і нагародай за працу на Дамачэўскай пляцоўцы будзе, хіба, той здольны юнак, якога ўдалося мне паслаць у Калегію Езуіцкую ў Холме, і які сяння пэўна ўжо ёсьць сьвятаром T.J. (Гмэнюк). […] У 1932 г. Я(го) Э(мінэнцыя) Кс. Бп. К. Букраба забірае мяне з Дамачэва ў Столін."

 

Урывак з аўтабіяграфіі кс. Пятра Татарыновіча ад 1946 г. Арыгінал перахоўваецца ў архіве беларускай бібліятэкі Ф. Скарыны ў Лондане. Тэхнічная апрацоўка – Аляксандр Аўдзеюк.

 

Любыя новыя звесткі пра кс. Пятра просім дасылаць на дамачаўскі сайт аўтару гэтага артыкулу, ці на ягоны ўласны е-mail.

ales_av@mail.ru            

(с)  Аляксандр Аўдзеюк.         

 

 

Пры капіяваньні абавязкова спасылка на аўтара і гэты сайт. Карыстаць у іншых мэтах дазваляецца толькі і выключна за згодаю аўтара.

 

 

 

На галоўную

 

 

 

Top.Mail.Ru
Top.Mail.Ru

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў з сайту спасылка на сайт абавязкова

Распрацоўка і дызайн сайту:  © Пракапюк І. (2006-2010)

www.domachevo.com